САБА́КА СВО́ЙСКІ (Canus fimiliarus),
млекакормячая жывёла сям. сабачых. Паходзіць ад воўка, прыручаны каля 10 тыс. гадоў да н.э. Вядома каля 400 сучасных парод, якія адрозніваюцца памерамі, экстэр’ерам, паводзінамі. Падзяляюцца на 3 асн. групы: дэкаратыўна-пакаёвыя сабакі, паляўнічыя сабакі, службовыя сабакі.
Тыповыя драпежнікі. Маюць 42 зубы (12 разцоў, 4 клыкі, 26 карэнных), з іх найб. развіты клыкі. Канечнасці пальцаходныя; на пярэдніх лапах па 5 пальцаў (адзін не кранаецца зямлі), на задніх па 4. Развіты слых, зрок, нюх. Добра бегаюць, скачуць, плаваюць. Мозг развіты. Дрэсіруюцца з разнастайнымі мэтамі. Палавой спеласці самкі дасягаюць у 7—8, самцы ў 10—12 мес. Цяжарнасць 58—65 сут. Нараджаюць 1—18 сляпых, глухіх, без зубоў шчанят. Жывуць 10—12 гадоў. Гл. таксама Сабакагадоўля.
т. 14, с. 45
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)